КРЫТЭ́РЫЙ АПТЫМА́ЛЬНАСЦІ ў эканоміцы,
паказчык, які дае магчымасць вызначыць гранічную меру эканам. эфекту ад таго ці інш. рашэння для параўнальнай ацэнкі магчымых рашэнняў (альтэрнатыў) і выбару найлепшага (напр., максімум прыбытку, мінімум выдаткаў, мінімальны час дасягнення мэты). Важны элемент любой аптымальнай эканоміка-матэматычнай мадэлі. У адносінах да эканам. сістэм К.а. — прыкмета, па якой функцыянаванне сістэмы прызнаецца найлепшым з магчымых варыянтаў. К.а. класіфікуюць па: узроўні агульнасці (глабальныя, лакальныя), часавым аспекце (статычныя і дынамічныя, бягучыя і фінішныя, крытэрыі часу дасягнення мэты); спосабах фарміравання (нарматыўныя, сацыёлага-статыстычныя і інш.); тыпу вымяральніка (вартасныя, натуральныя і інш.); спосабах выкарыстання (практычныя, тэарэтычныя, палітыка-прапагандысцкія); матэматычнай фармалізацыі і інш.
т. 8, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)